Былы палітвязень прызнаў, што ў беларускага грамадства ў цяпер няма рэсурсаў для звяржэння свайго лідара Аляксандра Лукашэнкі, і што Захад не гатовы несці цану такога сцэнарыя. На яго думку, апазіцыя цяпер павінна ставіць перад сабой рэалістычныя мэты, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі і Польшчы.
— Вы можаце перамагчы каго заўгодна. Пытанне толькі ў тым, ці ёсць у вас для гэтага рэсурсы, — сказаў Ціханоўскі.
Былы палітвязень падкрэсліў, што рэжым у Мінску працягвае змагацца з сур'ёзнымі праблемамі, у тым ліку эканамічнай нестабільнасцю, і што далікатнае пагадненне паміж беларускімі ўладамі і грамадствам грунтуецца на страху перад вайной. Аднак ён адзначыў, што Лукашэнка кампенсуе гэтыя цяжкасці, павялічваючы сваю залежнасць ад Масквы.
— Масква лёгка кампенсуе слабасці рэжыму, у той час як у нас — у беларусаў, і палякаў — застаецца значна большая стратэгічная праблема, — ацаніў ён.
Ціханоўскі раскрытыкаваў падыход, заснаваны выключна на санкцыях і ізаляцыі Беларусі. Паводле яго слоў, не прапаноўваючы Мінску палітычнай альтэрнатывы, Захад умацоўвае працэс падпарадкавання Беларусі Расіі.
— Без выразнай палітычнай альтэрнатывы для Мінска мы яшчэ глыбей штурхаем яго ў абдымкі Расіі. Дэмакратыі патрэбныя не толькі героі. Ёй таксама патрэбна стратэгія. Палітычная інерцыя і стаўка выключна на санкцыі і ізаляцыю — гэта шлях у нікуды ў выпадку Лукашэнкі, — лічыць Ціханоўскі.
Ціханоўскі падкрэсліў, што не падзяляе меркавання, што палітычны прарыў у Беларусі павінен быць звязаны толькі са зменамі ў Расіі. Ён адзначыў, што ніхто не можа гарантаваць пазітыўных змен у Расіі, і што сітуацыя ў абедзвюх краінах можа яшчэ больш пагоршыцца, калі пачнецца новы цыкл халоднай вайны. На яго думку, патэнцыйнае «акно магчымасцей» для Беларусі павінна быць падрыхтаванае загадзя.
— Мы не павінны чакаць, пакуль нешта здарыцца, а павінны выкарыстоўваць кожную даступную магчымасць, каб аслабіць рэжым у Мінску і паменшыць яго залежнасць ад Масквы, — заклікаў ён у інтэрвʼю PAP.
Апазіцыйны актывіст прызнаў, што сітуацыя ў асяроддзі апазіцыі сёння адрозніваецца ад той, што была ў 2020 годзе. Ён сказаў, што тады палітычная дзейнасць была звязана з прэзідэнцкай кампаніяй, мела выразна акрэсленыя мэты і адбывалася ва ўмовах значнай грамадскай цікавасці ў краіне. Цяпер, на яго думку, апазіцыя ў выгнанні больш не мае магчымасці непасрэдна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі, а некаторыя актывісты выгараюць і лічаць сваю працу бессэнсоўнай.
— Гэта можа здацца дзіўным, але быць актывістам за мяжой у 2026 годзе складаней, чым быць актывістам у Беларусі ў 2020 годзе, — сказаў ён.
РАР/ав