Рост крымінальных спраў на фоне маўчання, інфармацыйная блакада і пагроза цывілізацыйнага адкату — галоўныя тэмы дакумента.
Пра тое, чаму рэпрэсіі сталі «нябачнымі» і чым гэта пагражае беларускаму грамадству, распавядае праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.
У 2020–2021 гадах улады дзейнічалі максімальна паказальна, але ў апошнія гады тактыка рэжыму змянілася. Знешні спакой у краіне — гэта ілюзія, за якой хаваецца жорсткі і глыбокі ціск.
— Калі ў 2020–2021 гадах рэпрэсіі былі дэманстратыўнымі, з масавымі затрыманнямі на вуліцах і гучнымі судамі, каб проста запужаць грамадства, то бліжэй да 2026 года сістэма перайшла да тактыкі «схаваных рэпрэсій». Гэта значыць, што вонкава ўсё выглядае спакойна, але насамрэч ціск застаўся не менш глыбокім, хоць і нябачным. Улады стварылі сапраўдную інфармацыйную блакаду: засакрэцілі статыстыку па «экстрэмісцкіх» справах, масава праводзяць закрытыя суды, выкарыстоўваюць завочныя прысуды і затыкаюць рот адвакатам і сваякам праз падпіскі аб неразгалошванні і запалохванне, — распавядае эксперт Павел Сапелка.
Паводле звестак праваабаронцаў, крымінальны масіў не проста не змяншаецца, а расце: штогод у Беларусі фіксуецца каля 5 000 новых палітычных крымінальных спраў. Гэта гіганцкі «рэзерв», які дазваляе рэжыму трымаць краіну ў татальным страху.
Даклад змяняе фокус у ацэнцы маўчання грамадства і прагназуе глабальны светапоглядны разрыў, адзначае Павел Сапелка:
— Маўчанне і нават удзел у фармальных практыках падтрымкі рэжыму ўнутры краіны больш не трактуюцца як баязлівасць або грамадзянская няспеласць, прызнаюцца цалкам рацыянальнай і адзінай стратэгіяй бяспекі чалавека. Аднак выснова з гэтага робіцца трывожная: вымушаная адаптацыя людзей да інфармацыйнага вакууму і схаванага ціску можа прывесці да глыбокага каштоўнаснага расколу паміж беларусамі ўнутры краіны і дэмакратычным светам, да «нармалізацыі» рэпрэсій. Даклад фактычна заяўляе пра пагрозу цывілізацыйнага адкату ў разуменні правоў чалавека ў доўгатэрміновай перспектыве.
У фінале дакумента «Вясна» адкрыта заяўляе пра крызіс традыцыйных метадаў назірання. Звыклыя інструменты — збор інфармацыі з адкрытых судоў і афіцыйных крыніц — у рэаліях схаваных рэпрэсій больш не працуюць напоўніцу.
— Трэба цалкам перабудоўваць метады працы, каб фіксаваць тое, што рэжым так старанна спрабуе схаваць ад міжнародных арганізацый, каб не памыляцца ў ацэнцы, — кажа Павел Сапелка.
Вясна/ав