Беларуская Служба

Спікер Сейма Літвы пра адносіны з Беларуссю: Нам давядзецца знайсці нейкае суіснаванне з цяперашнім рэжымам

02.07.2026 12:01
Паводле яго, адначасова Вільня таксама павінна працягваць адносіны і падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі.
 i
Сейм ЛiтвыFoto: Autorius Augustas Didžgalvis - Mano darbas, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=137479072

Спікер Сейма Літвы Юозас Алекас лічыць, што Літве давядзецца знайсці суіснаванне з цяперашнім рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, паводле яго, Вільня павінна працягваць адносіны і падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі, паведамляе выданне «Lrytas».

— Гэта не проста чорна-белае, нельга мець усё для аднаго і нічога для другога. Нам давядзецца знайсці нейкае суіснаванне з цяперашнім рэжымам(…) Сёння краінай кіруе аўтарытарны рэжым, але ў той жа час ёсць і дэмакратычныя сілы, з якімі неабходна падтрымліваць адносіны,  заявіў Юозас Алекас у інтэрв'ю «Žinių radijus».

Паводле палітыка, Беларусь – сусед, таму таксама важныя будучыя суседскія адносіны з ёй.

 Зараз для нас важная бяспека, абарона нашай мяжы, тое, каб нашай грамадзянскай авіяцыі не турбавалі паветраныя шары; важна спыненне нелегальных мігрантаў. У будучыні мы павінны мець добрасуседскія адносіны з дэмакратычнай Беларуссю,  сказаў спікер літоўскага парламента.

Надоечы, сацыял-дэмакрат Руслан Баранаў у інтэрвʼю парталу delfi.lt заявіў, што для Літвы важна мець каналы дыпламатычнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

У сакавіку ў інтэрвʼю парталу lrt.lt спецыяльны пасланнік Злучаных Штатаў Амерыкі (ЗША) па Беларусі Джон Коўл заявіў, што Літва павінна правесці двухбаковую сустрэчу з Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў і аднавіць транзіт калійных угнаенняў з Беларусі.

У сваю чаргу прэзідэнт Гітанас Наўседа сказаў, што дыялог з Беларуссю будзе магчымы толькі ў тым выпадку, калі Беларусь праявіць рэальнае жаданне развіваць добрасуседскія адносіны і не будзе ствараць пагроз для Літвы. Пакуль што, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такіх прыкмет няма.

Прэмʼер-міністр Інга Ругінене тады заявіла, што Літва разгледзіць прапанову пасланніка ЗША сустрэцца з прадстаўнікамі Беларусі на ўзроўні намеснікаў міністраў, калі Мінск выканае ўмовы, устаноўленыя Вільняй. Па-першае, кантрабандныя паветраныя шары не павінны ляцець праз мяжу, другая ўмова  усе фуры, затрыманыя ў Беларусі, павінны быць вернутыя без дадатковых падаткаў або фінансавых штрафаў, і трэцяя  Беларусь не павінна дапускаць да перасячэння мяжы нелегальнымі мігрантамі.

аз