Праваабаронца, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі далучыўся да ліку падпісантаў адкрытага ліста ў падтрымку стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча, паведамляецца ў прэс-рэлізе праекта.
На сёння адкрыты ліст у падтрымку Універсітэта Валовіча падпісалі больш за 60 прадстаўнікоў і прадстаўніц міжнароднай акадэмічнай, інтэлектуальнай і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх – нобэлеўскія лаўрэаты Алесь Бяляцкі і Святлана Алексіевіч, прафесарка гісторыі Марсі Шор і прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар выдання «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама даследчыкі, выкладчыкі і эксперты з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.
У адкрытым лісце падкрэсліваецца неабходнасць стварэння незалежнай беларускай даследчай інстытуцыі ў Еўропе, здольнай аб’яднаць беларускую акадэмічную супольнасць, якая апынулася ў выгнанні, і стаць платформай для даследаванняў, міжнароднага супрацоўніцтва і падрыхтоўкі новага пакалення беларускіх навукоўцаў.
— Для нас подпіс Алеся Бяляцкага — гэта не толькі падтрымка канкрэтнай адукацыйнай ініцыятывы, але і важны знак салідарнасці з беларускай акадэмічнай супольнасцю ў выгнанні і ўнутры Беларусі, — падкрэслівае аргкамітэт будучага ўніверсітэта.
Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча на гэтым этапе развіваецца як акадэмічная ініцыятыва і праект, вакол якога створаная асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча», зарэгістраваная ў Польшчы.
Праект задуманы як незалежны беларускі даследчы ўніверсітэт, які ў перспектыве мог бы дзейнічаць як вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы.
Яго мэта — фарміраванне даследчай інстытуцыі еўрапейскага ўзроўню, якая будзе спецыялізавацца на вытворчасці ведаў, даследаваннях і экспертнай дзейнасці найперш на беларускай мове, у розных галінах беларусазнаўства.
У планаванай мадэлі цэнтральнае месца займаюць навуковыя даследаванні, публікацыі, міжнародныя даследчыя праекты і супрацоўніцтва з акадэмічнымі партнёрамі. Адукацыйная дзейнасць арыентаваная найперш на магістарскія і дактаранцкія праграмы. Асноўнымі мовамі акадэмічнай працы вызначаныя беларуская і англійская.
Адкрыты ліст застаецца адкрытым для новых подпісаў прадстаўнікоў акадэмічнай, экспертнай і грамадзянскай супольнасці. Азнаёміцца з яго поўным тэкстам можна на сайце Універсітэта Валовіча.
аз