Пра вялікую павагу беларусаў да «простых грамадзян Францыі, якія застаюцца вернымі сваім духоўным караням, абароненым продкамі прынцыпам справядлівасці і роўнасці», заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 14 ліпеня французскі народ з Нацыянальным святам.
На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, «такія глыбінныя каштоўнасці, як права на ўласную ідэнтычнасць і незалежнасць, прыхільнасць да сяброўства, бяспекі і стваральнай працы на сваёй зямлі, абʼядноўваюць» два народы «і зʼяўляюцца надзейным фундаментам для аднаўлення беларуска-французскай супрацы па ўсіх кірунках».
Пры гэтым — Лукашэнка ўстрымаўся ад таго, каб персанальна павіншаваць кіраўніка краіны, якую рэжым адносіць да ліку «недружалюбных», нягледзячы на сваю нядаўнюю тэлефонную размову з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і візіт у Мінск кіраўніка французскай выведкі Нікаля Лярнера.
Імаверна, гэта звязана, у тым ліку, з паслядоўнай падтрымкай Парыжам санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму, хоць Лукашэнка і адзначыў у тым жа віншаванні, што «векавыя гістарычныя сувязі» паміж дзвюма краінамі «немагчыма скасаваць рашэннямі брусельскіх бюракратаў».
Акрамя таго, згаданыя кантакты французскага боку і беларускага рэжыму, як было заяўлена ў СМІ Францыі, звязаныя не з імкненнем афіцыйнага Парыжа наладзіць стасункі з Мінскам, а з жаданнем папярэдзіць Лукашэнку пра магчымыя наступствы для Беларусі ў выпадку яе прамога ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны або выкарыстання беларускай тэрыторыі для дзеянняў, у тым ліку «звязаных з ядзернай зброяй».
Крыніца: «Позірк»/юл