Былы беларускі вайсковец, падпалкоўнік Антон Чарамных, атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачанняў у «здрадзе дзяржаве» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Прысуд быў вынесены яшчэ ў 2024 годзе, аднак пра яго стала вядома толькі цяпер. Пра гэта паведамляюць «Зеркало» са спасылкай на Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, справу ў лютым 2024 года ў закрытым рэжыме разглядаў Мінскі гарадскі суд. Чарамных, былога намесніка камандзіра 310-й артылерыйскай групы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, прызналі вінаватым і накіравалі ў калонію ўзмоцненага рэжыму.
У верасні 2024 года яго ўключылі ў беларускі спіс асоб, якіх улады лічаць датычнымі да «тэрарыстычнай дзейнасці». Цяпер ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.
Пра затрыманне афіцэра стала вядома ў сакавіку 2023 года. Паводле былых калег, пасля падзей 2020 года ён планаваў пакінуць войска, а пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну адкрыта выступаў супраць вайны і крытыкаваў прарасійскую прапаганду.
эж