Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Еўрапейскі саюз не абмяркоўвае магчымы перагляд санкцый супраць Беларусі. Паводле яго, пакуль Мінск застаецца крыніцай гібрыдных пагроз і падтрымлівае Расію ў агрэсіі супраць Украіны, Вільня не бачыць падстаў для змены сваёй пазіцыі — паведамляе reform.news.
— Я не бачу тут ніякіх згадак пра магчымую нармалізацыю без змены гэтых дзвюх умоў, — сказаў Будрыс, маючы на ўвазе спыненне варожых дзеянняў Беларусі супраць Літвы і яе падтрымкі Расіі.
Дыпламат падкрэсліў, што ў ЕС няма дыскусіі пра змякчэнне санкцыйнага рэжыму. Паводле яго, санкцыі ўведзены праз парушэнні правоў чалавека, дапамогу Расіі ў агрэсіі, выкраданне дзяцей і іншыя дзеянні беларускіх уладаў.
— Пакуль гэтыя падставы не зменяцца, я не магу ўявіць, як Еўрапейскі саюз зможа змяніць сваю пазіцыю, — заявіў ён.
Будрыс таксама адзначыў, што Літва захоўвае тэхнічныя каналы сувязі з Беларуссю для прадухілення інцыдэнтаў, але не бачыць неабходнасці ў павышэнні ўзроўню палітычных кантактаў.
эж