«Кіберпартызаны» пацвердзілі, што зніклая Анжаліка Мельнікава дакладна жыве ў Беларусі разам з дзецьмі з пашпартам прыкрыцця.
У верасні 2025 года па яе дакументах была набытая кватэра ў Мінску на праспекце Любімава, а ў студзені 2026 года — яшчэ адна кватэра на вуліцы Пятра Мсціслаўца 24 у ЖК «Маяк Мінска». У супрацы з парталам «Зеркало» «Кіберпартызаны» вызначылі, што ў маі 2025 года тая ж кватэра ў ЖК «Маяк» была аформленая на асобу з падробленымі дакументамі, выдадзенымі на імя Ангеліны Радзівонавай, паведамляе «Белсат».
Затым у жніўні таго ж года кватэру прадалі, хутчэй за ўсё супрацоўніку контразведкі КДБ Аляксею Лабееву з падстаўнымі дакументамі на імя Чалаева Аляксея Вітальевіча. Пасля гэтага кватэра ўжо была аформленая на сапраўдны пашпарт Анжалікі Мельнікавай.
— Мы атрымалі доказы таго, што цяпер Мельнікава ў Мінску разам з дзвюма дочкамі і пражывае ў кватэры на адрасе: вуліца Пятра Мсціслаўца, дом 24. Акрамя таго, пашпарт на імя Радзівоновай Ангеліны Аляксееўны, 02.02.1990, належыць ёй. Мельнікава перыядычна карыстаецца гэтым дакументам, каб хаваць сваю асобу, — пішуць расследавальнікі.
Наяўнасць пашпарта прыкрыцця дазваляе зрабіць выснову, што, незалежна ад матываў такога ўчынку, яна пайшла на супрацу з КДБ.
Былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка 2025 года. Перад знікненнем яна вывела грантавыя грошы Каардынацыйнай рады, а таксама фінансавыя сродкі «Кіберпартызанаў» на суму ў 150 тыс. долараў.
Журналісты-расследавальнікі высветлілі, што Мельнікава праз Вялікабрытанію і Шры-Ланку прыбыла ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Пасля гэтага яе след губляецца.
Перад выбарамі ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання пачалі з’яўляцца навіны пра Мельнікаву: здымкі вельмі падобнай да яе жанчыны ў мінскай спартыўнай зале і паведамленні пра тое, што на яе прозвішча купленыя дзве кватэры ў Мінску.
вс