Другі энергаблок Беларускай АЭС, які ў канцы ліпеня нечакана адключылі ад сеткі на дзевяць дзён, мог спыніцца праз няспраўнасць турбагенератара. Афіцыйна на станцыі заяўлялі пра дыягностыку электратэхнічнага абсталявання. Як піша «Зеркало», крыніца на БелАЭС сцявярджае, што прычынай адключэння стала разгерметызацыя сістэмы падводу вады, праз якую вада трапіла ў корпус турбагенератара ТГ-2.
Эксперт iSANS Яўген Макарчук лічыць такую версію праўдападобнай, аднак адзначае, што падобная няспраўнасць наўрад ці магла прывесці да цяжкай аварыі з выкідам радыяцыі. Турбагенератар выраблены расійскай кампаніяй «Силовые машины».
Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі нагадаў, што падобнае абсталяванне гэтага вытворцы ў 2016 годзе стала прычынай няпланавага спынення энергаблока Новаваронежскай АЭС. На БелАЭС другі блок зноў уключылі ў сетку праз дзевяць дзён. Кіраўніцтва станцыі і вытворцы здарэнне не каментавалі.
эж