Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл даў зразумець, што ў найбліжэйшы час у краіне могуць адбыцца новыя вызваленні палітвязняў. На пытанне сястры асуджанага на восем гадоў Іллі Верамеява, ці можна спадзявацца на іх хуткае вызваленне, амерыканскі дыпламат адказаў адным словам: «Так». Пра гэта 16 жніўня паведамляе «Зеркало».
Ніякіх дадатковых падрабязнасцяў або магчымых тэрмінаў Коўл не назваў. Аднак раней пасланнік ужо заяўляў, што праца ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў не завершаная, і заклікаў не губляць надзеі. У чэрвені на пытанне, калі яго можна чакаць у Мінску, спецпасланнік таксама коратка адказаў: «Хутка».
Важным фонам застаюцца вынікі папярэдніх амерыкана-беларускіх кантактаў. Пасля візіту Коўла ў Мінск 19 сакавіка 2026 года былі вызваленыя 250 палітвязняў. Пры садзейнічанні ЗША агулам на волю выйшлі ўжо больш за 500 беларускіх вязняў сумлення.
эж