Паводле стану на 17 жніўня 2026 года праваабаронцы ведаюць прозвішчы больш як 110 студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і іх родных, якіх пачалі пераследаваць у Беларусі за іх навучанне ў ЕГУ. Агулам пад рэпрэсіі трапілі 175 чалавек, калі лічыць таксама пацярпелых членаў сям'і студэнтаў, адзначаюць у Праваабарончым цэнтры «Вясна».
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што колькасць пацярпелых можа быць значна большай, бо рэжым намагаецца схаваць рэпрэсіі, а людзі баяцца перадаваць інфармацыю.
Вясной беларускія ўлады прызналі ЕГУ, размешчаны ў Вільні, «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пасля гэтага сілавікі пачалі масавую крымінальную справу за «садзейнічанне і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Паведамлялася, што па гэтай справе праходзяць нават людзі, якія скончылі навучанне ў ЕГУ 10 гадоў таму, інфармуе «Еўрарадыё».
Масавыя вобшукі па «справе ЕГУ» прайшлі ў Беларусі на пачатку чэрвеня — праваабаронцы паведамілі пра больш чым 60 фактаў. Каб вымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, кадэбісты пагражаюць крымінальным пераследам іх бацькам. Ад студэнтаў патрабуюць адлічыцца з ЕГУ цягам 10 дзён.
Праваабаронцы не рэкамендуюць вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, выпускнікам, студэнтам і асобам, якія маюць любыя іншыя сувязі з ЕГУ.
вс