У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях праводзяцца двухбаковыя батальённыя тактычныя вучэнні, паінфармавала Міністэрства абароны.
У манеўрах удзельнічаюць падраздзяленні Заходняга аператыўнага камандавання — 6-я (дыслакуецца ў Гродне) і 11-я (дыслакуецца ў Слоніме Гродзенскай вобласці) асобныя гвардзейскія механізаваныя брыгады, паведамляе агенцтва «Позірк».
Мэтай вучэнняў, як адзначаецца, з’яўляецца «ўдасканаленне навыкаў штабоў і камандзіраў у кіраванні падраздзяленнямі пры вядзенні баявых дзеянняў».
У прыватнасці, у рамках вучэнняў запланаваная адпрацоўка «пераадолення воднай перашкоды, а таксама ўчасткаў мінных загародаў». Асаблівая ўвага будзе нададзена практычным дзеянням па барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
3 чэрвеня ў Маскве на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў аб верагодным нападзе «калектыўнага Захаду» на Беларусь і Расію.
26 чэрвеня на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Мінску ён абвінаваціў еўрапейцаў у «нацысцкім менталітэце» і падрыхтоўцы да вайны.
Таксама Хрэнін і іншыя прадстаўнікі сілавога блока рэгулярна заяўлялі аб актыўных вучэннях краін НАТА ля беларускіх межаў.
вс
здымак ілюстрацыйны