Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Казаць пра спад рэпрэсій у Беларусі рана», — Алесь Бяляцкі

19.08.2026 13:49
Ён не здзівіўся ўзбуджэнню супраць яго крымінальнай справы
 .
Алесь Бяляцкі.Фота: Wikimedia Commons/The Chancellery of the Senate of the Republic of Poland/CC BY-SA 3.0

У Беларусі 5 жніўня абвясцілі ў вышук заснавальніка «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Картка з ягонымі данымі з’явілася ў базе вышуку МУС Расіі. Падставай пазначана «крымінальная справа», аднак канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса ў базе не ўдакладняецца. Алесь Бяляцкі пракаментаваў новую крымінальную справу і абвяшчэнне яго ў вышук.

Алесь Бяляцкі зазначае, што ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы не выклікала ў яго здзіўлення:

— Сярод тых, супраць каго ў Беларусі завочна ўзбуджаныя крымінальныя справы, шмат актывістаў, грамадскіх дзеячаў і тых, хто не баіцца адкрыта выказвацца. Пасля вызвалення я актыўна каментаваў незалежным СМІ катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выступаў на міжнародных канферэнцыях, удзельнічаў у сустрэчах і даводзіў інфармацыю пра стан грамадзянскіх і палітычных свабод у Беларусі. Таму няма нічога дзіўнага, што я таксама апынуўся ў гэтым спісе.

Маёй асабістай бяспецы гэта ніяк не пагражае, апроч таго, што цяпер трэба больш пільна абіраць шляхі сваіх камандзіровак і пазбягаць краін, якія могуць выдаць мяне беларускім уладам. Я буду надалей працягваць сваю справу — гаварыць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі».

Праваабаронца адзначае, што беларускія ўлады ўжылі супраць яго адну з формаў транснацыянальнага пераследу:

— Гэта цяпер папулярная і актыўная форма запалохвання грамадскіх актывістаў Беларусі. Яна яшчэ выразней характарызуе сённяшнюю палітыку беларускіх уладаў, накіраваную на задушэнне свабоднага голасу і меркавання. З аднаго боку, яны пагадзіліся на памілаванні палітвязняў і абмен іх на зняцце санкцый. Але з другога — відавочна, што масавыя рэпрэсіі працягваюцца. Казаць пра іх спад у Беларусі яшчэ рана.

"Вясна" нагадвае, што 13 снежня 2025 г. Алесь Бяляцкі выйшаў на волю па памілаванні пасля перамоў з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам. Вынікам стала памілаванне і гвалтоўнае перамяшчэнне за мяжу 123 чалавек. Большасць — ва Украіну. Алеся і яшчэ некалькіх замежных грамадзян прывезлі ў Літву.

У расійскай базе вышуку агулам значыцца амаль сем тысяч беларусаў. З кастрычніка 2025 года ў расійскую базу дадалі больш за 1700 беларусаў, значная колькасць з іх — паводле палітычных матываў. Павелічэнне колькасці беларусаў у расійскай базе вышуку назіраецца з 2024 года. Людзей уносяць туды па запыце беларускіх уладаў, таму вышук фактычна можа распаўсюджвацца на тэрыторыю абедзвюх краін.

нг