Міністэрства замежных спраў Украіны рыхтуе стратэгію дачыненняў з Беларуссю. Кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга заявіў, што дакумент прадставяць Вярхоўнай Радзе пасля абмеркавання ў парламенцкім камітэце ў пытаннях замежнай палітыкі і міжпарламенцкай супрацы, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле Сібігі, беларускі кірунак застаецца пагрозай для бяспекі Украіны і Еўропы. Дыпламат заявіў, што Беларусь нясе адказнасць за расійскую агрэсію, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці.
Міністр таксама паведаміў пра ўзмацненне супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. У МЗС прызначылі пасла па асаблівых даручэннях, адказнага за гэты кірунак.
Андрэй Сібіга зрабіў гэтую заяву 19 жніўня падчас свайго выступу ў Вярхоўнай Радзе перад галасаваннем за яго перапрызначэнне на пасаду міністра замежных спраў Украіны.
эж