Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сайт і сацсеткі найбуйнейшага каталіцкага грамадска-палітычнага часопіса Польшчы прызналі «экстрэмісцкім» у Беларусі

21.08.2026 19:01
Што стала падставай для прызнання польскага каталіцкага выдання «экстрэмісцкім», Мінінфарм не ўдакладняе.
Цэнзураstevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў уключылі сайт і сацсеткі найбуйнейшага каталіцкага грамадска-палітычнага штотыднёвіка Польшчы Gość Niedzielny («Нядзельны Госць»), паведамляе «Люстэрка».

Як вынікае з абноўленага рэестра на сайце беларускага Мінінфарма, у пералік уключылі сайт выдання Gość Niedzielny, яго канал на Youtube, старонку ў Instagram, акаўнт у Facebook. Акрамя таго, «экстрэмісцкім» прызналі лагатып электроннага рэсурсу.

Адпаведнае рашэнне прыняў 20 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна.

Што стала падставай для прызнання польскага каталіцкага выдання «экстрэмісцкім», Мінінфарм не ўдакладняе. У пачатку ліпеня Gosc Niedzielny апублікаваў інтэрв'ю з экс-палітвязнем і нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс 20 жніўня ўключылі Тэлеграм-канал «Кажа Віцебск»; Тэлеграм-боты «Ананімны зварот да адміністратара чату», «Бот дыяспары ў Кракаве» і Тэлеграм-бот «ГУЛАГ».

Раней пералік «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўнілі сайты тэлеканала «Еўраньюс», ВПС NEWS Руская служба, выданні devby.io і многіх іншых незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Былая спецдакладчыца па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у сваім дакладзе адзначала, што ў Беларусі праява іншадумства нязменна спалучана з рызыкай крымінальнага пераследу і пакарання пад маркай супрацьдзеяння «тэрарызму» і «экстрэмізму».

вс