Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская павіншавала ўкраінцаў з Днём Незалежнасці

24.08.2026 09:04
«Я хачу каб вы ведалі: беларусы на вашым баку».
Святлана Ціханоўскаяфота: прэс-служба С. Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская павіншавала народ Украіны з Днём Незалежнасці. У сваім звароце яна адзначыла мужнасць украінцаў, якія працягваюць змагацца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны.

— За сваю незалежнасць вы кожны дзень плаціце вялікую цану. Сваім прыкладам вы ўсяму свету паказваеце, што такое мужнасць. І даеце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду, — сказала Ціханоўская.

Яна таксама падкрэсліла ролю беларусаў у падтрымцы Украіны. Паводле яе, яна ганарыцца беларускімі добраахвотнікамі, валанцёрамі, медыкамі і ўсімі беларусамі, якія дапамагаюць украінскай арміі.

— Я хачу, каб вы ведалі: беларусы на вашым баку. Беларускія добраахвотнікі ваююць за Украіну са зброяй у руках. Беларускія партызаны спынялі расійскія вайсковыя эшалоны. Валанцёры ратуюць жыцці, збіраюць грошы на машыны, дроны і медыцынскую дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Украіне па ўсім свеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расійскую прапаганду і злачынствы рэжыму. А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасць з Украінай і супраціў расійскай агрэсіі. Гэта — сапраўдная Беларусь, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Ціханоўская заявіла, што перамога Украіны адкрые шанец і для пераменаў у Беларусі. А вольная Беларусь стане гарантыяй таго, што пагроза з поўначы больш ніколі не прыйдзе на ўкраінскую зямлю.

Напрыканцы звароту Ціханоўская пажадала ўкраінцам як мага хутчэй сустрэць Дзень Незалежнасці ў мірнай і свабоднай краіне: «Жадаю вам перамогі. Справядлівага міру. Вяртання ўсіх палонных і выкрадзеных дзяцей. Вяртання вашых людзей дадому. Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

ав