Аб гэтым заявіў старшыня ведамства Аляксей Волкаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны», паведамляе «Люстэрка».
Волкаў расказаў, што ў шэрагу краін ужо дзейнічаюць законы аб абавязковай геномнай рэгістрацыі, і заявіў, што яго ведамства выступае ініцыятарам распрацоўкі аналагічнага закона ў Беларусі.
— Пытанне пакуль знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, але, бачачы актуальнасць і патрэбнасць гэтай тэмы, мы актыўна гэтым займаемся. І знаходзім падтрымку ў нашых калег, у тым ліку і ў праваахоўным блоку, і ў іншых дзяржорганах, — сказаў кіраўнік Дзяржкамітэта экспертыз. — Я думаю, што ў любым выпадку мы рана ці позна прыйдзем да таго, што такі закон будзе прыняты, таму што ён патрэбны, ён важны для нашай краіны.
Чыноўнік не раскрыў дэталяў аб тым, у каго менавіта будуць браць узоры і што будзе пагражаць за адмову.
— Мы не гаворым аб тым, што трэба адначасова ўзяць узоры ДНК ва ўсіх грамадзян краіны, — адзначыў Волкаў. — Па-першае, гэтая праца, на нашу думку, павінна заняць нейкі пэўны перыяд: там год, два, тры, чатыры, магчыма, у залежнасці ад катэгорый. Нейкія катэгорыі будуць першачарговымі, нейкім мы можам на пазнейшы тэрмін вызначыць.
Кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз таксама паведаміў, што ведамства вядзе працу разам з Міністэрствам аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміяй навук над стварэннем «генетычнага пашпарта» для грамадзян.
— Што гэта дасць простаму чалавеку? Гэта дасць разуменне яго генетычных схільнасцяў да тых ці іншых захворванняў, да магчымага скрынінгу па тых ці іншых кірунках для таго, каб своечасова спахапіцца, калі ёсць генетычная схільнасць. І ўвогуле ў цэлым — да павелічэння працягласці жыцця і павышэння якасці жыцця.
Кіраўнік Дзяржкамітэта экспертыз упэўнены, што за ДНК-ідэнтыфікацыяй — будучыня крыміналістыкі. Паводле яго слоў, нават калі злачынец спрабуе знішчыць сляды і сцерці адбіткі пальцаў, мінімальная колькасць біялагічнага матэрыялу на месцы здарэння застаецца ў 90% выпадкаў. Сучасныя тэхналогіі, дадаў Волкаў, дазваляюць вылучаць ДНК нават з мінімальнай колькасці такога матэрыялу — у тым ліку ў справах аб нераскрытых злачынствах мінулых гадоў.
Люстэрка/ав