«Талмін Бел — самы эфектыўны сродак ва ўмовах пункта стабілізацыі. Замову фармавалі наўпрост праз прадстаўніка кампаніі ў Расіі, вельмі прыемныя людзі, адказныя, уваходзяць у сітуацыю (робяць зніжкі і дадаюць зверху ад сябе «у славу Айчыны)», — такое паведамленне з’явілася ў ліпені ў тэлеграм-канале валанцёрскага руху, які падтрымлівае 33-ці гвардзейскі мотастралковы полк 20-й дывізіі Узброеных сіл РФ, паведамляе Позірк.
Гэтае падраздзяленне, як адзначае Беларускі расследавальніцкі цэнтр, удзельнічала ў баях на заходнім флангу Краматорска-Славянскай лініі ўмацаванняў.
Паводле слоў байца беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК ваюе на баку Украіны), які служыў у медыцынскім падраздзяленні, гемастатычныя сродкі выкарыстоўваюцца для спынення масіўных крывацёкаў — адной з асноўных прычын смерці параненых на полі бою.
Гемастатык выпускае прыватная беларуская кампанія «Талмін Медыкал». Яна зарэгістравала сродак у 2020 годзе і наладзіла вытворчасць уласных гемастатычных бінтоў і сурвэтак, адзначаецца ў расследаванні.
Паведамляецца, што «Талмін Медыкал» узначальвае былы вайсковы ўрач Алег Бобрык. Мужчына кіраваў вайсковым шпіталем у Барысаве (Мінская вобласць), працаваў у Ваеннай акадэміі і Рэспубліканскім шпіталі МУС.
Згодна з расследаваннем, амаль палова кампаніі належыць двум беларусам: 10% – Юрыю Кудзіну, былому супрацоўніку Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, 39% — бізнесмену Мікалаю Чарнышову, былому намесніку дырэктара «Энерга-Оіл».
Кантрольны пакет кампаніі належыць не беларусам. 51% «Талмін Медыкал» валодае зарэгістраваная ў 2014 годзе ў Эстоніі New Century Holding. Яе мажарытарны ўласнік — грамадзянін Эстоніі Алег Саўчанка, высветлілі расследавальнікі.
Журналіст БРЦ патэлефанаваў Саўчанку. Расследавальнік прадставіўся зборшчыкам рыштунку для расійскіх вайскоўцаў і прапанаваў выпісаць суразмоўцу грамату з падзякай. Той назваў тэму «далікатным пытаннем» і нагадаў, што жыве ў Эстоніі. Падзяку Саўчанка прапанаваў накіраваць Алегу Бобрыку — беларусу, дырэктару «Талмін-Медыкал».
«Праз 7 хвілін пасля завяршэння размовы» Саўчанка, як заяўлена, даслаў паведамленне, у якім адмаўляў сказанае раней, падкрэсліўшы, што ніяк не звязаны з апісаным бізнесам і «не вельмі зразумеў», пра што казаў суразмоўца.
яс