Нямецкія следчыя ўстанавілі асобы двух падазраваных у планаваным нападзе на ўкраінскі транспартны самалёт у аэрапорце Лейпцыга (Германія), сярод іх — жыхар Беларусі, паведамляе «Позірк» са спасылкай на нямецкія СМІ (Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR).
Паводле іх, падазраваныя гэта: ураджэнец Расіі з латвійскім пашпартам, які можа быць звязаны са спецслужбамі РФ, і «жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, які ўжо трапляў у поле зроку паліцыі» ў розных краінах за ўчыненне іншых правапарушэнняў.
Следчым удалося аднавіць маршрут яго ўезду ў Германію і выезду з яе. Верагодна, падазраваны заехаў па італьянскай турыстычнай візе, выдадзенай у Мінску.
Жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, імаверна, быў выканаўцам тэракту. На яго выйшлі па слядах ДНК, пакінутых на дроне, антэне і ўнутраным боку бляшанага слоіка з-пад выбухоўкі. Расіянін выступаў каардынатарам.
Абодва падазраваныя паспелі пакінуць ЕС, і следчыя скептычна ацэньваюць шанцы прыцягнуць іх да суду.
Нагадваем, у ноч на 5 жніўня ў закрытай зоне аэрапорта Лейпцыга быў знойдзены БПЛА з зарадам выбухоўкі. Ён знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскіх грузавых самалётаў Ан-124 «Руслан», якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі зброі і боепрыпасаў для патрэбаў Сіл абароны Украіны.
Пазней высветлілася, што дронаў было мінімум тры. Адзін з іх сутыкнуўся з грузавым самалётам кампаніі DHL, а фрагменты трэцяга з 50 грамамі гексагена быў знойдзеныя 14 жніўня на полі непадалёк.
Германія, рэагуючы на інцыдэнт, абвясціла аб закрыцці апошняга генеральнага консульства РФ у Боне, а таксама аб скасаванні дамовы і закрыцці «Рускага дома» ў Берліне.
Масква традыцыйна катэгарычна абвяргае ўсе абвінавачанні.
аз