На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская правяла два брыфінгі — 1 і 2 верасня. Яна сустрэлася з дыпламатамі краін Лацінскай Амерыкі, Іспаніі і Партугаліі, а таксама з прадстаўнікамі 17 краін ЕС.
Еўрапейскіх партнёраў Ціханоўская заклікала захаваць санкцыі да сістэмных змен у Беларусі. Яна распавяла пра працу дзеля вызвалення палітвязняў, супрацоўніцтва з Украінай і рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну.
Святлана Ціханоўская прадставіла вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь», распавяла пра працу дзеля вызвалення палітвязняў і супрацоўніцтва з Украінай. Асобная ўвага — захаванню ціску на рэжым і рызыцы далейшага ўцягвання Беларусі ў расійскую вайну. Таксама яна паведаміла пра падрыхтоўку ірландска-беларускай канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і медыя.
— Мы не павінны забываць, што новых зняволеных па-ранейшаму затрымліваюць, і рэпрэсіі працягваюцца. Таму мы просім нашых еўрапейскіх партнёраў захаваць ціск і не змякчаць яго, пакуль мы не ўбачым сістэмных змен. Мы не павінны паддавацца шантажу Лукашэнкі ў адносінах да ЕС. Сітуацыя ўнутры Беларусі застаецца сур’ёзнай. Рэжым працягвае рэпрэсіі. Прасторы для незалежнай палітычнай ці сацыяльнай дзейнасці амаль не засталося. Рэжым нацэльваецца амаль на ўсё незалежнае. Эканоміка стагнуе. Расійскія ваенныя кантракты — адзін з фактараў, якія яе падтрымліваюць. Але ж нягледзячы на спробы рэжыму знішчыць усё жывое і незалежнае, падпольнае жыццё працягваецца. Яно прарастае зноў, як трава праз бетон.
У брыфінгу ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Грэцыі, Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі і Швецыі.
Дыпламатам краін Лацінскай Амерыкі Ціханоўская прапанавала развіваць прамыя кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і падтрымліваць беларускае пытанне ў ААН.
ПР/юл