Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за жнівень. Праваабаронцы па-ранейшаму ацэньваюць яе як крытычную. Рэпрэсіі ў краіне застаюцца сістэмнымі, а ўлады працягваюць пашыраць практыкі палітычнага і транспамежнага пераследу, паведамляе reform.news.
Па дадзеных «Вясны», на канец жніўня ў месцах пазбаўлення свабоды знаходзіліся 889 палітвязняў, у тым ліку 124 жанчыны, за месяц палітвязнямі прызнаныя яшчэ 16 чалавек. Акрамя таго, праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 20 былых палітвязняў, звесткі аб якіх з'явіліся ўжо пасля іх вызвалення са зняволення. Колькасць былых палітвязняў дасягнула 3 тыс. 953, сярод іх — 779 жанчын.
Як мінімум 185 палітвязняў знаходзяцца ва ўразлівым становішчы з-за стану здароўя, узросту ці ўмоваў утрымання. Сурʼёзную трывогу праваабаронцаў выклікаюць, у прыватнасці, Жанна Аўрамчык, Максім Шуканаў, Вячаслаў Арэшка, Уладзімір Гундар, Дзяніс Сальмановіч, Сцяпан Латыпаў. У аглядзе таксама гаворыцца пра выпадкі катаванняў, якія працягваюцца, жорсткага і зневажальнага абыходжання ў месцах зняволення.
Па падліках праваабаронцаў, з 2020 года не менш як 10 тыс. 58 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам, а не менш як 8 тыс. 696 былі асуджаныя, у тым ліку завочна. За шэсць гадоў зафіксавана больш за 100 тыс. фактаў рэпрэсій. За гэты перыяд статус палітвязня атрымалі 4 тыс. 602 чалавекі, дзевяць палітвязняў памерлі ў зняволенні.
вс