У вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна сёлета з'явіўся толькі адзін першакласнік — Даніла. Агулам у мясцовай сярэдняй школе вучацца 26 дзяцей, таму некаторыя класы тут складаюцца ўсяго з некалькіх чалавек, перадае «Люстэрка» услед за АНТ.
Даніла — пятае дзіця ў сямʼі. У школе ён займаецца адзін: сядзіць за першай партай насупраць настаўніка, адказвае на кожным уроку і выходзіць да дошкі.
У 11-м класе, напрыклад, усяго тры вучаніцы. Адна са старшакласніц параўнала такое навучанне з заняткамі ў рэпетытара.
Таксама дырэктарка школы Святлана Чакавая лічыць невялікую колькасць дзяцей перавагай, бо настаўнік можа надаваць больш увагі кожнаму. Яна падкрэсліла, што выпускнікі паступаюць у ВНУ на бюджэт без дадатковай падрыхтоўкі.
Па дадзеных Мінадукацыі, у 2026/2027 навучальным годзе ў беларускіх школах на аднаго настаўніка ў сярэднім прыпадае 11 вучняў: у гарадскіх школах — 13, а ў сельскіх — шэсць.
яс