Сёння (8 верасня), a 18.00 у Цэнтры беларускай культуры па вуліцы Варшаўскай 1а ў Беластоку пройдзе афіцыйнае адкрыццё Беларускай кнігарні «Kamunikat.shop». Тут можна будзе купіць беларускія кнігі, выдадзеныя не толькі выдавецтвам фонду «Камунікат», кажа яго стваральнік, выдавец і журналіст Яраслаў Іванюк.
— Наша прапанова будзе пашырацца. Тут ёсць і мастацкая літаратура і гістарычныя творы, проза, паэзія, non-fiction. Кожны знойдзе нешта для сябе. Ёсць таксама дзіцячая літаратура. У Цэнтру беларускай культуры, у супрацоўніцтве з «Камунікатам», будуць праходзіць розныя аўтарскія сустрэчы, — распавядае Яраслаў Іванюк.
Сёння, з нагоды адкрыцця кнігарні, адбудзецца сустрэча з Анэтай Прымакай-Онішк, другую кнігу якой пад загалоўкам «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» «Камунікат» выдаў па-беларуску.
Кнігарня ў Беластоку, гэта ўжо другое месца, дзе можна будзе купіць беларускія кнігі. Напрыканцы красавіка першы «Kamunikat.shop» адкрыўся ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве.
Кнігарня ў Беластоку спачатку будзе працаваць ад панядзелка да пятніцы з 15.00 да 18.00.
аз