Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускія ўлады абмяжоўваюць не толькі палітычную, але і любую калектыўную дзейнасць

11.09.2026 09:56
Абмежаванні трактуюцца вельмі шырока.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock.com/BRAINSTROM

У Беларусі пад ціск трапляе ўжо не толькі палітычная актыўнасць. Улады ўсё больш абмяжоўваюць любую калектыўную дзейнасць — ад працы недзяржаўных арганізацый да інтэлектуальных гульняў  паведамляе ПЦ "Вясна".

Паводле праваабарончай арганізацыі Lawtrend, з 2020 года беларускі сектар грамадзянскай супольнасці страціў не менш за 2072 арганізацыі. Больш за 1260 НДА былі прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Яшчэ больш за 800 арганізацый закрыліся самастойна. Праваабаронцы звязваюць гэта з рэпрэсіямі, рызыкай для супрацоўнікаў і кіраўнікоў, а таксама з немагчымасцю працаваць у існуючых прававых умовах.

Толькі ў жніўні суды ліквідавалі не менш за 14 недзяржаўных арганізацый. Працягваецца і ліквідацыя рэлігійных суполак. Напрыклад, Віцебскі абласны суд спыніў дзейнасць Рэлігійнага аб'яднання Евангелічна-лютэранскай Царквы.

За кратамі застаюцца дзясяткі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Не менш за 20 з іх — прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў і працоўнага руху.

Пераслед не спыняецца і пасля выезду з краіны. Беларусаў за мяжой пераследуюць праз базы вышуку, праблемы з пашпартамі, завочныя крымінальныя справы і ціск на сваякоў. У жніўні Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць супраць заснавальнікаў Dissidentby Вячаслава і Марыны Касінеравых.

Абмежаванні трактуюцца вельмі шырока. Напрыклад, у Гродне ўлады пачалі патрабаваць дазволу на правядзенне квізаў. Звычайная інтэлектуальна-забаўляльная гульня была фактычна прызнаная масавым мерапрыемствам. Заяву на яе правядзенне трэба падаваць як мінімум за 15 дзён. Некаторыя гульні пасля гэтага адмянілі або прыпынілі.

Паводле Lawtrend, непрадказальнае прымяненне закона стварае новыя адміністрацыйныя бар'еры і ўскладняе самаарганізацыю людзей.

І гэта не адзінае новаўвядзенне. З шостага жніўня дзейнічаюць новыя правілы публічных абмеркаванняў законапраектаў. Але і тут, адзначае Lawtrend, празрыстасці мала: улады не абавязаныя публічна тлумачыць, чаму канкрэтныя прапановы грамадзян былі адхіленыя.

нг