«Найгрубейшай праявай цэнзуры па нацыянальных прыкметах і інфармацыйнай сегрэгацыі» назвалі ў Мінінфармацыі Беларусі блакаванне старонак некалькіх дзяржаўных СМІ на платформе «YouTube», паведамляе «Свабода».
— Мінінфарм настойліва рэкамендуе грамадзянам Беларусі ў далейшым надаваць перавагу іншым, найперш нацыянальным, відэаплатформам, якія не практыкуюць падобныя дыскрымінацыйныя падыходы, — адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.
Сярод такіх платформ, у прыватнасці, рэкамендавалі videobel.by/ru-RU. Раней у Міністэрстве інфармацыі заяўлялі, што гэтую платформу стварылі ў мэтах нацыянальнай бяспекі. Яна пачала працаваць з 12 верасня 2024 года. Гэты рэсурс стварылі ў дзяржаўным агенцтве «БелТА» на выпадак блакавання афіцыйных каналаў дзяржаўных СМІ на такіх пляцоўках, як «YouTube», «TikTok» і «Facebook».
Сёлета ў верасні стварылі мабільнае прыкладанне гэтай платформы, даступнае для смартфонаў і планшэтаў.
14 верасня дзяржаўнае агенцтва «БелТА» паведаміла аб блакаванні на платформе «YouTube» старонак тэлеканалу СТВ у час жывой трансляцыі праграмы «Па сутгнасці», прысвечанай Дню народнага адзінства і пытанням гістарычнай праўды, а таксама каналаў Першага канала беларускага радыё, радыё «Культура» і радыё «Сталіца».
Раней аб блакаванні прапагандысцкага каналу ў Беларусі паведамлялі сёлета 8 красавіка. Тады платформа «YouTube» выдаліла новы канал СТВ, які стаў актыўна папаўняцца пасля выдалення старога.
— YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная «дэмакратыя» ў дзеянні, — скардзіўся тады ў сацсетках тэлеканал СТВ.
Трэцяга красавіка «YouTube» выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА», а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай», але неўзабаве гэта тэма больш не ўзнімалася.
аз