Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае хроніку рэпрэсій у Беларусі. Ён паведамляе, што Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапіла старонка Яны Латушкі ў Instagram — дачкі беларускага палітыка і былога міністра культуры Паўла Латушкі.
Яна Латушка апошнія гады сама ўдзельнічае ў грамадскім і палітычным жыцці беларускай дыяспары. У 2024 годзе яна была сярод кандыдатаў у Каардынацыйную раду ад каманды Паўла Латушкі і руху «За свабоду». У інтэрв'ю 2025 года Яна расказвала пра ўласны ўдзел у палітыцы, жыццё ў эміграцыі і пра тое, як змянілася яе публічная роля. Яна таксама адзначала, што доўгі час заставалася ў цені бацькі, але цяпер імкнецца дзейнічаць самастойна.
Павел Латушка — беларускі палітык і дыпламат, былы міністр культуры Беларусі і амбасадар. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён далучыўся да беларускай дэмакратычнай палітычнай дзейнасці і ўзначаліў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Цяпер ён з'яўляецца намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Да пераходу ў апазіцыйную палітыку Павел Латушка працаваў у дзяржаўных структурах і дыпламатычнай службе. У прыватнасці, у 1996 годзе ён пачаў працу ў якасці віцэ-консула Беларусі ў Беластоку.
Уключэнне старонкі Яны Латушкі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» азначае, што яе Instagram-акаўнт цяпер афіцыйна аднесены беларускімі ўладамі да забароненых да распаўсюду матэрыялаў. Праваабаронцы адзначаюць, што сацыяльныя сеткі і іншыя лічбавыя рэсурсы ў Беларусі рэгулярна трапляюць у гэты спіс. Паводле даследавання Беларускага ПЭНа, у 2025 годзе ў пералік было ўнесена не менш за 356 матэрыялаў, звязаных з культурай, у тым ліку акаўнтаў у сацыяльных сетках.
Акрамя гэтай старонкі, у абноўлены пералік унеслі Instagram-акаўнт «grodnonovosti44», а таксама акаўнт «Ласкатухі» (laskatuchi) у Threads.
нг