16 верасня ў Міністэрства замежных справаў Літвы выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі ў Вільні і ўручылі яму ноту рашучага пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы Літвы, паведамляе «Белсат».
У сваёй ноце МЗС Літвы адзначае, што ў ноч з 14 на 15 верасня 2026 года ў Літве зафіксавалі беспілотны лятальны апарат, які прыляцеў з боку Беларусі і парушыў дзяржаўную мяжу і паветраную прастору краіны ЕС.
Літоўскае МЗС расцаніла гэта як «грубае парушэнне міжнароднага права» і патрабуе ад Беларусі неадкладна і падрабязна патлумачыць, што адбылося. Таксама Літва запатрабавала, каб Беларусь забяспечыла эфектыўны кантроль над сваёй тэрыторыяй і паветранай прасторай і не дапускала дзеянняў, якія могуць ствараць пагрозу бяспецы суседніх дзяржаваў.
— Літва пакідае за сабою права разам са сваімі хаўруснікамі рабіць усе неабходныя захады для гарантавання нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і бяспекі свайго насельніцтва, — дадае МЗС.
У ноч з 14 на 15 верасня Літва выявіла беспілотнік з выбухоўкай, які ўвайшоў у паветраную прастору краіны, і знішчыла яго. На наступны дзень прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што збіты беспілотнік быў расійскай вытворчасці.
Апошнімі месяцамі жыхары Літвы неаднаразова атрымлівалі паведамленні аб магчымых паветраных пагрозах праз дроны. У той жа час расійскія «Шахеды» зноў масава залятаюць на поўдзень Беларусі.
аз