Гэта вынік сістэмнай працы па інстытуцыяналізацыі адносінаў, якую Офіс Святланы Ціханоўскай вядзе з паўночнымі партнёрамі, заявіла Святлана Ціханоўская. Раней дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з прэзідэнтам Паўночнай Рады Віле Вяруненам, дзе адной з галоўных тэмаў абмеркавання было стварэнне механізму рэгулярнага ўдзелу беларусаў у працы арганізацыі. А 10 верасня гэтую дамоўленасць пацвердзілі падчас сустрэчы з дырэктарам Офіса Паўночнай Рады міністраў у Літве Оле Андэрсан Ліндэманам.
Стварэнне дэлегацыі азначае фармалізацыю адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Паўночнай Радай. Новы фармат працы шмат у чым нагадвае мадэль супрацоўніцтва з Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ), дзе ў дэмакратычных сілаў таксама ёсць дэлегацыя.
Цяпер беларуская дэлегацыя атрымае магчымасць:
— Удзельнічаць у сесіях Паўночнай Рады і атрымліваць досвед рэальнай міжнароднай парламенцкай дзейнасці;
— Наўпрост даносіць беларускую павестку да парламентарыяў краінаў Паўночнага рэгіёну;
— Уплываць на выпрацоўку рашэнняў у галіне бяспекі, правоў чалавека, адукацыі, сацыяльнай палітыкі, падтрымкі грамадзянскай супольнасці і г.д.;
— Напрацоўваць кантакты і досвед для будучай Беларусі.
Беларуская дэлегацыя будзе фармавацца не паводле персанальнага прынцыпу, а будзе замацоўвацца за ключавымі дэмакратычнымі структурамі. У яе склад увойдуць прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Абʼяднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, палітычных партыяў і экспертнай супольнасці, якія будуць самастойна вызначаць сваіх дэлегатаў перад кожнай сесіяй.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл