Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

37 краін АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі

18.09.2026 12:30
Аўтары таксама заявілі, што Беларусь не выконвае міжнародных абавязацельстваў у сферы правоў чалавека і абавязацельстваў у рамках АБСЕ.
Сцяг АБСЕBy Logo source from , author Organization for Security and Cooperation in Europe. - Created by uploader, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=85644569

37 краін–удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) заклікалі ўлады Беларусі «неадкладна і безумоўна» вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыі.

Сумесную заяву 17 верасня на паседжанні АБСЕ абвясціў сталы прадстаўнік Даніі Крыстыян Енсэнпаведамляе «Свабода».

— Шэсць гадоў таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, народ Беларусі выступіў за дэмакратыю, мірна пратэстуючы супраць сфальсіфікаванага выніку, які здрадзіў яго давер і дэмакратычныя памкненні, — гаворыцца ў заяве.

Аўтары адзначылі, што ў наступныя гады беларускія ўлады «працягвалі сістэматычна душыць асноўныя свабоды і пераследаваць тых, каго лічаць крытыкамі ўладаў».

— Паводле апошняга дакладу спецыяльнага дакладчыка ААН, адвольныя затрыманні і палітычна матываваныя крымінальныя пераследы застаюцца шырока распаўсюджанымі, а заканадаўства аб экстрэмізме і барацьбе з тэрарызмам працягвае выкарыстоўвацца для крыміналізацыі законнага ажыццяўлення свабоды выказвання меркаванняў, свабоды аб’яднанняў і мірных сходаў, — заявілі прадстаўнікі краін АБСЕ.

Праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі апазіцыі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, адзначаецца ў заяве, працягваюць падвяргацца пераследу.

— Транснацыянальныя рэпрэсіі ўсё часцей накіраваныя супраць беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і іх сем’яў, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», як мінімум 10 016 чалавек падпалі пад крымінальны пераслед з палітычных прычын з 2020 года. За апошні год колькасць такіх спраў павялічылася прыкладна на 1 500. Усяго зафіксавана больш за 100 000 выпадкаў рэпрэсій, а цяпер у Беларусі налічваецца 886 палітычных зняволеных.

Аўтары таксама заявілі, што Беларусь не выконвае міжнародных абавязацельстваў у сферы правоў чалавека і абавязацельстваў у рамках АБСЕ, у тым ліку звязаных з правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў і своечасовым запрашэннем назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ.

Асобна згадваецца падтрымка Беларуссю вайны Расіі супраць Украіны, а таксама выкарыстанне нелегальнай міграцыі і «гібрыдных дзеянняў» супраць суседніх краін.
У АБСЕ ўваходзіць 57 дзяржаў, уключаючы Беларусь.

аз