Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Святлана Ціханоўская і дырэктар Музея бітвы пад Грунвальдам дамовіліся пра супрацоўніцтва

18.09.2026 17:40
Між іншым, бакі дамовіліся падрыхтаваць беларускую версію аўдыягіда.
          ,    .
Святлана Ціханоўская сустрэлася з дырэктарам Музея бітвы пад Грунвальдам у Стэмбарку, гісторыкам доктарам Шымонам Дрэем.https://tsikhanouskaya.org

15 верасня ў Варшаве беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская сустрэлася з дырэктарам Музея бітвы пад Грунвальдам у Стэмбарку, гісторыкам доктарам Шымонам Дрэем, паведамляе прэс-служба кіраўнічкі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел Юрый Меляшкевіч, ініцыятар кампаніі за ўсталяванне бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі, і Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская падзякавала Шымону Дрэю за падтрымку ініцыятывы зрабіць больш заўважным удзел ваяроў з земляў сучаснай Беларусі ў Грунвальдскай бітве і штогадовых памятных мерапрыемствах.

— Грунвальдская бітва — адна з найважнейшых падзей нашай гісторыі. Яна нагадвае, што беларуская гісторыя — неад’емная частка еўрапейскай. Ужо шмат гадоў беларусы прыязджаюць на Грунвальдскае поле з бел-чырвона-белымі сцягамі. Для нас гэтае месца такое ж важнае і сімвалічнае, як і для палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў. Праз супрацоўніцтва з музеем мы хочам зрабіць беларускую прысутнасць больш бачнай і ўмацаваць сувязі паміж нашымі народамі, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Бакі дамовіліся наладзіць доўгатэрміновае супрацоўніцтва, падрыхтаваць беларускую версію аўдыягіда і забяспечыць удзел прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл у міжнародных мерапрыемствах музея разам з партнёрамі з Польшчы, Літвы і Украіны.

Да наступнай гадавіны бітвы ў ліпені 2027 года плануецца падрыхтаваць больш шырокі ўдзел беларускай супольнасці і беларускіх гістарычных рэканструктараў у Грунвальдскіх урачыстасцях.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі магчымасць стварэння на Грунвальдскім полі памятнага знака, прысвечанага ваярам з земляў сучаснай Беларусі, а таксама ўсталявання флагштока з бел-чырвона-белым сцягам.

аз