Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Трэба разарваць заганнае кола беспакаранасці». У Швейцарыі пачаўся апеляцыйны суд па справе Юрыя Гараўскага

22.09.2026 12:46
Судовы працэс пачаўся з вырашэння пытання аб прымальнасці апеляцыі і высноў эксперта, якія далучылі да матэрыялаў справы.
  ,      .
Юрый Гараўскі сцвярджае, што забіваў апазіцыянераў па загадзе зверху. Фота DW

22 верасня пачаўся апеляцыйны суд па справе Юрыя Гараўскага, былога супрацоўніка САХРа. Пасяджэнне праходзіць у Кантанальным судзе з Палатай па крымінальных справах (гэта вышэйшы судовы орган кантона Санкт-Гален, Швейцарыя) — паведамляе ПЦ "Вясна".

Судовы працэс пачаўся з вырашэння пытання аб прымальнасці апеляцыі і высноў эксперта, якія далучылі да матэрыялаў справы. Сярод іх: ці разглядаць справу Захаранкі, Красоўскага і Ганчара асобна, бо няма скаргі ад сям'і Ганчара. У выніку Юрый Гараўскі застаецца апраўданым у справе аб знікненні Віктара Ганчара, бо сваякі Ганчара не падалі скаргі. Але падчас судовага разбіральніцтва будуць улічвацца і тыя доказы, якія звязаныя са справай Ганчара.

Юрый Гараўскі з'явіўся ў медыяпрасторы ў 2019 годзе, заявіўшы ў інтэрв’ю пра сваю датычнасць да трох гвалтоўных знікненняў апанентаў улады ў 1999 годзе: Юрыя Захаранкі, былога міністра ўнутраных спраў; Віктара Ганчара, былога намесніка прэм'ер-міністра, і Анатоля Красоўскага, бізнесоўца і блізкага сябра Ганчара.

Швейцарскія ўлады маюць кампетэнцыю ў гэтай справе на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, які дазваляе прыцягваць да адказнасці асоб, падазраваных у міжнародных злачынствах, нават калі з самім злачынствам няма іншай сувязі, акрамя прысутнасці падазраванага на тэрыторыі краіны.

Вясной 2021 года, пасля таго як прысутнасць Юрыя Гараўскага ў Швейцарыі была пацверджана, двое сваякоў ахвяр разам з TRIAL International, Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" падалі крымінальныя скаргі па факце гвалтоўнага знікнення ў пракуратуру Санкт-Галена.

Расследаванне было завершана вясной 2022 года, і 2 мая 2022 года пракуратура накіравала справу падазраванага ў суд. Судовы працэс у першай інстанцыі прайшоў 19–20 верасня 2023 года ў Акружным судзе Роршаха (кантон Санкт-Гален). 28 верасня 2023 года суд апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачанні ў гвалтоўным знікненні трох палітычных апанентаў у 1999 годзе. Прызнаўшы адказнасць рэжыму за гэтыя злачынствы, суддзі тым не менш палічылі заявы падсуднага пераканаўчымі не ў поўнай меры.

Другі этап — гэта апеляцыйны суд. Скаргу на апраўдальны вердыкт першапачаткова падалі істцы і пракурор. Апошні адклікаў сваю апеляцыю пасля публікацыі пісьмовага рашэння суда. Апеляцыйны працэс і пачаўся 22 верасня 2026 года ў Палаце па крымінальных справах Кантанальнага суда Санкт-Галена Швейцарыі.

Праваабаронцы і міжнародныя эксперты выказаліся пра апеляцыйны суд па справе былога байца САХРа Юрыя Гараўскага:

—Гэта першы выпадак у свеце, калі суд вынес рашэнне па злачынствах, учыненых у Беларусі. Там, дзе справядлівасць у Мінску немагчымая, універсальная юрысдыкцыя дазваляе ёй адбывацца ў іншым месцы. Нашы думкі з сем'ямі, якія чакалі праўды дваццаць сем гадоў, — адзначыў Філіп Грант, заснавальнік і выканаўчы дырэктар TRIAL International.

— Вельмі важная справа і прэцэдэнт. Нам трэба больш такіх спраў, каб разарваць заганнае кола беспакаранасці. Сітуацыя ў Беларусі сёння, на жаль, застаецца ў значнай ступені незаўважанай, а сістэматычныя катаванні і рэпрэсіі застаюцца без адказу, — пракаментаваў Джэральд Стаберок, эксперт па правах чалавека і міжнародным праве, вопытны глабальны абаронца, былы генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).

— Сённяшні працэс — гэта наступствы адсутнасці расследавання і справядлівасці ў Беларусі. Праваабаронцы і юрысты настойваюць на неабходнасці эфектыўна абараніць права пацярпелых на справядлівы разгляд справы. Наша мэта — барацьба з беспакаранасцю, — сказаў Павел Сапелка, юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Крыніца: ПЦ “Вясна”