На праблему пратэрмінаванай запазычанасці за арэнду жылля і камунальныя паслугі звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 22 верасня. Ён адзначыў, што ў яго «выклікаюць здзіўленне цэнаўтварэнне і дысцыпліна разлікаў за арэндныя метры», — паведамляе Хартыя'97.
— У некаторых выпадках арэндная плата за жыллё ў абласных цэнтрах проста сімвалічная: 30 рублёў у месяц за двухпакаёвую кватэру, — сказаў Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што на дадзеным фоне ўзнікае парадокс: пратэрмінаваная запазычанасць за арэнду і камунальныя паслугі ў цэлым па краіне перавысіла 20 млн рублёў, а даўжнікі гадамі працягваюць карыстацца арандаванымі квадратнымі метрамі.
— Часам чалавек трапіў у бяду, знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Яму, можа, і трэба дапамагчы. Але не гадамі ж будзем дапамагаць, — заўважыў Лукашэнка.
Па яго словах, зафіксаваныя Камітэтам дзяржкантролю факты і сумы сукупных даўгоў «паказваюць, што тут нейкая сістэмная недапрацоўка, якую трэба выправіць».
нг