Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць захоўваць ціск на беларускія ўлады, дамагацца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і вярнуць Беларусь у парадак дня ААН. Пра гэта яна заявіла на сустрэчы, якая адбылася ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН.
Мерапрыемства «Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы» арганізавалі Латвія і Еўрапейскі саюз пры садзейнічанні Офіса Святланы Ціханоўскай. У яго арганізацыі таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Украіны, Літвы, Эстоніі, Ірландыі і Швецыі.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі еўрапейскіх краін і міжнародных арганізацый, у тым ліку міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Бэрсэ і кіраўнік няўрадавай арганізацыі Freedom House Джэймі Флай.
У сваім выступленні Ціханоўская заклікала выразна адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, а таксама Беларусь і Расію. Паводле яе слоў, беларусы не выбіралі вайну, а будучыня краіны павінна быць звязаная з незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларуссю, якая будзе не крыніцай пагрозаў, а прадказальным і мірным суседам.
Удзельнікі таксама абмеркавалі рэпрэсіі ў Беларусі. Ціханоўская заявіла, што вызваленне палітычных зняволеных мае вялікае значэнне, але само па сабе не сведчыць пра сістэмныя змены. Паводле яе, рэпрэсіўная сістэма працягвае працаваць: людзей пераследуюць паводле так званага «экстрэмісцкага» заканадаўства, ціск закранае сем'і і блізкіх, а вызваленыя застаюцца пад пагрозай паўторнага пераследу.
На думку палітыка, мэтай павінна быць не проста скарачэнне колькасці палітычных зняволеных, а поўнае спыненне палітычна матываваных рэпрэсій, вызваленне і рэабілітацыя зняволеных.
Лідарка дэмакратычных сіл таксама расказала пра нядаўна вызваленую групу з 25 палітычных зняволеных, вывезеных у Літву. Паводле яе слоў, пры падтрымцы ЕС і Міжнароднага гуманітарнага фонду ім арганізавалі жыллё, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама юрыдычную падтрымку. Літва і Польшча дапамаглі з дакументамі тым, каго вывезлі з Беларусі без пашпартоў.
Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленні адбываюцца на фоне новых затрыманняў і прысудаў.
Яшчэ адной тэмай сталі транснацыянальныя рэпрэсіі. У выступленні Ціханоўскай ішла гаворка пра завочныя суды, канфіскацыю маёмасці, ціск на сваякоў, сачэнне і пагрозы беларусам за мяжой, а таксама пра праблемы з пашпартамі і консульскімі паслугамі.
Яна заклікала краіны шукаць практычныя рашэнні для беларусаў з пратэрмінаванымі або ануляванымі пашпартамі і асабліва ўважліва правяраць запыты беларускіх уладаў на экстрадыцыю, а таксама запыты праз механізмы міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва, калі ёсць прыкметы палітычнай матывацыі.
Значная частка дыскусіі была прысвечана ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны. Ціханоўская заявіла, што беларуская тэрыторыя і інфраструктура працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах Расіі, а ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін паглыбляецца.
Паводле яе слоў, у Беларусі будуецца новая ваенная інфраструктура, а больш за 600 беларускіх прадпрыемстваў пастаўляюць расійскай арміі зброю, электроніку, паліва, оптыку і боепрыпасы. Ціханоўская лічыць, што ў выпадку новай эскалацыі беларуская тэрыторыя і інфраструктура могуць зноў быць выкарыстаныя Расіяй.
Яна таксама гаварыла пра сувязь паміж будучыняй Беларусі і вынікам вайны ва Украіне і згадала беларусаў, якія ваююць на ўкраінскім баку, дапамагаюць Украіне з тэрыторыі Беларусі або былі асуджаныя за такую падтрымку.
Ціханоўская назвала некалькі крокаў, якіх беларускія дэмакратычныя сілы чакаюць ад міжнароднай супольнасці.
— Па-першае, захоўвайце ціск, пакуль мы не ўбачым сістэмных зменаў. Накіроўвайце санкцыі супраць тых, хто адказны за рэпрэсіі, і кампаній, якія падтрымліваюць вайну Расіі.
Па-другое, мы павінны дамагацца поўнай палітычнай амністыі. Вызваліць усіх. Спыніць арышты. Закрыць абсурдныя справы. Людзі павінны мець права бяспечна жыць дома або вяртацца ў Беларусь без страху, — заявіла яна.
Таксама Ціханоўская заклікала падтрымліваць расследаванні Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці за Беларусь, ізаляваць рэжым, а не беларусаў, захоўваць візы, стыпендыі і праграмы мабільнасці, працягваць падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці, а таксама ўжо цяпер працаваць над магчымым пераходным перыядам пасля Лукашэнкі.
На ўзроўні ААН яна прапанавала вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня, пачаць працу над рэзалюцыяй па Беларусі ў Трэцім камітэце і Генеральнай асамблеі, правесці сустрэчу ў фармаце Аррыя, асобна вынесці на міжнародны ўзровень тэму транснацыянальных рэпрэсій, знайсці рашэнне праблемы дакументаў для беларусаў і падтрымліваць механізмы ААН па Беларусі.
— І яшчэ адна просьба на гэты тыдзень: калі вашы лідары будуць выступаць на Генеральнай асамблеі, згадайце Беларусь, — сказала Ціханоўская.
У завяршэнне яна таксама заклікала даць Украіне ўсё неабходнае для абароны.
Крыніца: "Люстэрка"