Дарадца прэзідэнта Літвы па нацыянальнай бяспецы Дэйвідас Матуленіс выступіў супраць магчымага аднаўлення транзіту беларускага калію ў абыход санкцый ЕС, заявіўшы, што такі крок меў бы не толькі юрыдычныя і фінансавыя, але і сур’ёзныя маральныя наступствы. Пра гэта паведамляе Reform.news са спасылкай на LRT RADIO.
— Гэта было б свайго роду маральным прыніжэннем, — заявіў Матуленіс.
Паводле яго, пытанне паставак калію абмяркоўвалася падчас нядаўняга візіту прадстаўніка ЗША Джона Коўла ў Вільню, аднак Вашынгтон не аказваў ціску на Літву.
— Мы не хацелі б, каб амерыканцы перавозілі калійныя ўгнаенні праз Расію, паколькі гэта дало б дадатковыя даходы расійскай ваеннай машыне, — падкрэсліў дарадца.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заяўляў, што транзіт беларускага калію праз краіну немагчымы праз санкцыі ЕС. Абмежаванні супраць «Беларуськалія» і яго экспартных схем сталі адной з галоўных прычын спынення ранейшага маршруту праз Клайпедскі порт.
эж