Як паведаміў «Белстат», сярэдні намінальны заробак у Беларусі склаў 3 135,9 рубля. Гэта на 36,1 рубля меней, чым у ліпені. Тады ён складаў 3 172 рублі.
Сярэдні заробак знізіўся за кошт жыхароў Мінску. Калі ў ліпені сярэдні намінальны заробак у Мінску быў 4 116,3 рубля, то ў жніўні склаў 4 032,7 рубля.
У Мінскай вобласці, наадварот, заробкі выраслі. У ліпені сярэдні намінальны заробак там склаў 3 235,6 рубля, у жніўні — 3 274,1 рубля.
Такім чынам, намінальны заробак мінчукоў знізіўся на 2%, намінальны заробак жыхароў Мінскай вобласці вырас на 1,1%.
Як паясняе «Свабода», прамысловая вытворчасць Мінска, звязаная ў першую чаргу з машынабудаваннем і электронікай, складала ў ліпені 16,3% ад агульнай прамысловай вытворчасці ў Беларусі. Рухавікамі росту мінскай эканомікі застаюцца гандаль і ІТ-індустрыя.
Разам з тым у Мінску найвышэйшыя ў краіне заробкі. У выніку паўгоддзя сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі склала 2 924 рублі, а ў Мінску — 3879 рублёў.
Прамысловая вытворчасць агулам у краіне вырасла на 0,2% з пачатку года за кошт найперш Віцебскай вобласці, бо прадукцыя нафтаперапрацоўчага заводу ў Наваполацку рэзка падаражэла пасля ўкраінскіх удараў па расійскіх НПЗ.
аз