Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Цяпер беларусы змогуць падаваць дакументы на ВНЖ Літвы ў Арменіі і Грузіі

25.09.2026 15:40
З 1 лістапада 2026 года падаць дакументы на часовы ВНЖ можна будзе ў Арменіі і Грузіі праз VFS Global. 
Панарама Вільніpixabay.com

Грамадзяне Беларусі з 1 лістапада змогуць падаваць заявы на часовы ВНЖ у Літве праз офісы знешняга пастаўшчыка паслуг (VFS Global) у Арменіі і Грузіі, паведамляецца ў ТК-Святланы Ціханоўскай.

Гэта пацвердзіла МУС Літвы. Офіс Святланы Ціханоўскай рэгулярна ўздымаў пытанне аб даступных і бяспечных працэдурах легалізацыі з партнёрамі з Літвы. Гэтае рашэнне — вынік сумеснай працы.

З 1 лістапада 2026 года падаць дакументы на часовы ВНЖ можна будзе ў Арменіі і Грузіі праз VFS Global. Беларусам, якія знаходзяцца там, больш не давядзецца ездзіць у іншыя краіны ці вяртацца ў Беларусь.

З гэтай жа даты спыняецца прыём заяў у Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане, а таксама ў Босніі і Герцагавіне.

— Гэта канкрэтны вынік нашай працы з літоўскімі партнёрамі. Мы даўно ўздымалі пытанне аб тым, каб беларусы ў Грузіі і Арменіі маглі падаваць дакументы там, дзе яны знаходзяцца. Удзячныя літоўскаму боку за тое, што ён пачуў нашыя аргументы і знайшоў практычнае рашэнне. Для многіх беларусаў гэта сапраўды спросціць працэс легалізацыі ў Літве, — адзначыў саветнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Па дадзеных Дэпартамента міграцыі Літвы, на 1 верасня 2026 года дазвол на пражыванне ў краіне мелі 47 872 грамадзяніны Беларусі, з іх больш за 33 тысячы атрымалі часовы ВНЖ на падставе працы.
яс