Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гэта частка шырэйшай стратэгіі агрэсіі. У Кіеве адрэагавалі на інцыдэнт на мяжы Латвіі і Беларусі

07.10.2026 13:25
Спробы нелегальнага перасячэння латвійскай мяжы з боку Беларусі маюць усё больш агрэсіўны характар.
Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга t.me/V_Zelenskiy_official

Міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга выказаў салідарнасць з Латвіяй у сувязі з правакацыяй на латвійска-беларускай мяжы.

— Украіна выказвае поўную салідарнасць з Латвіяй у сувязі з інцыдэнтам на яе мяжы з Беларуссю, падчас якога ўзброеныя асобы пагражалі латвійскім вайскоўцам, суправаджаючы мігрантаў да мяжы. Не павінна быць сумневаў: за гэтым стаіць Масква. Пуцін свядома выкарыстоўвае міграцыю як зброю з дапамогай Лукашэнкі, каб дэстабілізаваць Еўропу, — напісаў Андрэй Сібіга на платформе Х.

Кіраўнік украінскай дыпламатыі перакананы, што гэты інцыдэнт з'яўляецца часткай шырэйшай агрэсіўнай стратэгіі.

Як нагадвае «Свабода», міністр унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 6 кастрычніка паведаміў, што ўзброеныя людзі ў масках пагражалі латвійскім вайскоўцам з беларускай тэрыторыі і падганялі мігрантаў у бок латвійскай мяжы.

— Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі, — зазначыў ён.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, на гэтым тыдні група прынамсі з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, адрозна ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Праз некалькі гадзінаў пасля гэтага здарэння людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную электрычную шафу і скралі камеры назірання. Яшчэ да прыбыцця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

аз