Кабінет міністраў Латвіі вырашыў падоўжыць да канца бягучага года, то бок да 31 снежня, аперацыю па барацьбе з нелегальнай міграцыяй, якая праводзіцца на ўсходняй мяжы краіны, паведаміла латвійская Памежная служба.
— Улічваючы, што рамонт памежнай інфраструктуры, пашкоджанай у выніку шторму 22–23 жніўня, усё яшчэ працягваецца, а патэнцыял Дзяржаўнай памежнай аховы ўмацоўваецца, у тым ліку шляхам пашырэння выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў, урад прыняў рашэнне падоўжыць аперацыю па забеспячэнні бяспекі. Такім чынам, кантроль за бяспекай на латвійска-беларускай мяжы будзе працягвацца больш інтэнсіўна з мэтай прадухілення нелегальнай міграцыі. Інструменталізацыя міграцыі, якую ажыццяўляе Беларусь, — гэта гібрыдная пагроза, якая спрыяла непрапарцыйна вялікай колькасці выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы ў Латвіі, — чытаем у адмысловай заяве.
Як паведамляе латвійская Памежная служба, да гэтай пары падчас аперацыі ў Латвіі памежнікі затрымалі некалькіх перавозчыкаў нелегальных мігрантаў і спынілі больш за 1 400 чалавек, якія спрабавалі незаконна перасячы мяжу. Таксама былі выяўленыя і ліквідаваныя два тунэлі, праз якія з беларускага боку арганізоўваліся незаконныя перасячэнні мяжы.
— Усяго ў гэтым годзе было прадухілена незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы больш чым 11 тысяч чалавек(…) За незаконнае перамяшчэнне людзей праз дзяржаўную мяжу і арганізацыю такой дзейнасці распачата 155 крымінальных спраў, — чытаем у заяве.
Латвійскія памежнікі таксама нагадваюць, што Сейм разглядае, прапанаваныя Міністэрствам юстыцыі, папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць пакаранне за арганізацыю незаконных перасячэнняў мяжы — да 12 гадоў пазбаўлення волі.
У адказ на гібрыдную пагрозу, у выглядзе інструменталізаванай нелегальнай міграцыі з Беларусі 11 жніўня бягучага года на ўсходняй мяжы Латвіі пачалася аперацыя «VILKATIS», якая мае на мэце скарачэнне колькасці выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы ва ўсходняй частцы Латвіі і прадухіленне такіх выпадкаў у будучыні.
аз