7 кастрычніка амбасадары краінаў Еўрасаюза выключылі з «беларускага» санкцыйнага спісу двух бізнэсоўцаў — расіяніна Міхаіла Гуцэрыева і беларуса Віктара Шаўцова. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са слоў свайго брусельскага карэспандэнта Рыкарда Юзвяка.
Разам з тым Гуцэрыеў працягне заставацца пад санкцыямі, якія на яго ўвялі 23 ліпеня 2026 года за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У «беларускі» санкцыйны спіс Гуцэрыеў трапіў 21 чэрвеня 2021 года. Савет ЕС назваў яго даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, які фінансава падтрымліваў ягоны рэжым і атрымліваў ад гэтага выгаду.
Бізнесовец некалькі гадоў аспрэчваў санкцыі. Урэшце Агульны суд ЕС скасаваў падаўжэнне санкцый супраць яго. У апошнім рашэнні суд адзначыў, што Савет ЕС не падаў дастатковых актуальных доказаў таго, што Гуцэрыеў па-ранейшаму падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ці мае ад яго выгаду.
Віктар Шаўцоў — былы старшыня назіральнай рады банку «Рашэнне», які раней дзейнічаў пад назвамі «Інфабанк» і «Трастбанк». Савет ЕС спасылаўся на яго сувязі з вытворчасцю ахоўных галаграмаў у Беларусі праз кампаніі «Тэхнахімтрэйд» і «Галаграфічная індустрыя». Пад санкцыі ён трапіў у жніўні 2024 года за тое, што атрымліваў выгаду ад манаполіі, штучна створанай дзяржавай. Пры падаўжэнні санкцый у лютым 2025-га Савет ЕС спаслаўся на ролю Шаўцова як ганаровага консула Філіпінаў у Беларусі, а таксама на меркаваныя сувязі з банкам «Рашэнне» і музейным комплексам «Дудуткі», які, паводле Савета ЕС, атрымліваў выгаду з дзяржаўнага бюджэту.
У красавіку 2026-га Агульны суд ЕС ануляваў санкцыі супраць Шаўцова, палічыўшы іх недастаткова абгрунтаванымі.
эж