Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палітвязень Арэшка канчаткова страціў зрок

08.10.2026 14:05
Актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка стаў зусім невідучым у зняволенні, паведамляе Радыё Свабода са слоў сваякоў палітвязня.
   .
Вацлаў Арэшка да зняволення. Крыніца: Радыё «Свабода»

Радыё Свабода цытуе словы сваячкі палітвязня пра стан Вацлава Арэшкі: «Раней бачыў свет і цень, цяпер ужо і гэтага няма. А пра тое, як гэтаму дае рады, нічога не расказвае, абыходзіць гэтую цяжкую тэму. Тры дні таму даслаў ліст, павіншаваў унукаў з днямі народзінаў. Некалькі словаў нават напісаў сваёй рукой, праўда, неразборліва ў яго атрымалася, амаль нічога не ўдалося прачытаць, але добра, што намагаецца».

Паводле крыніцы, адміністрацыя калоніі № 22, дзе трымаюць палітвязня Арэшку, прапаноўвала яму этапам адправіцца ў шпіталь, але ён адмовіўся.

— Наколькі ведаю, баіцца ехаць у шпіталь, бо можа не вытрымаць этапу. Тое, што распавядаў пра Вацлава журналіст Семчанка — усё так і ёсць, — дадала крыніца.

У верасні пра дрэнны стан Вацлава Арэшкі распавядаў на тэлеканале «Белсат» журналіст Дзмітрый Семчанка, які адбываў свой тэрмін у той жа івацэвіцкай калоніі.

Вацлаву Арэшку 71 год. Паводле сваячкі палітвязня, ён таксама мае іншыя хваробы.

Крыніца: Радыё Свабода/юл