Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускай платформы крыптавалют і яе кіраўніка

12.10.2026 08:45
ЗАТ «Уайт Бёрд» з 2020 года з’яўляецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі President.gov.ua, CC BY 4.0 , via Wikimedia Commons

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сваімі ўказамі ўвёў у дзеянне некалькі рашэнняў Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, што прадугледжваюць санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны, паведамляе «Свабода».

Як вынікае з апублікаваных дакументаў, Украіна ўвяла санкцыі супраць закрытага акцыянернага таварыства (ЗАТ) «Уайт Бёрд» і яе кіраўніка Максіма Шабанава.

Санкцыі супраць Шабанава прадугледжваюць блакаванне актываў, забарону на вывад капіталу за межы Украіны, спыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязкаў, забарону на ўдзел у прыватызацыі, павелічэнне статутнага капіталу, перадачу тэхналогій, набыццё зямельных надзелаў і на ўезд ва Украіну.

Датычна платформы ўвялі блакаванне інтэрнэт-правайдэрамі доступу да вэб-рэсурсаў кампаніі і сэрвісаў, размешчаных на яе рэсурсах.
Санкцыі ўвялі на 10 гадоў.

ЗАТ «Уайт Бёрд» з 2020 года з’яўляецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій. Гэта афіцыйны беларускі аператар лічбавых знакаў (токенаў) і ўласнік рэгуляванай крыптаплатформы Whitebird.io. Зарэгістраваная ў Мінску ў 2018 годзе.

Кампанія займаецца набыццём, продажам, абменам і захоўваннем крыптавалют (Bitcoin, USDT, Ethereum і іншых), працуе з беларускімі і расійскімі рублямі, еўра і доларамі. Удзельнічае ў падрыхтоўцы да запуску першага ў Беларусі паўнавартаснага крыптабанку. Партнёрамі ў банкаўскім сектары з’яўляюцца Альфа-Банк, Беларусбанк, БСБ Банк, Статусбанк, Парытэтбанк і іншыя.

Максіму Шабанаву 41 год. У спісах праваабаронцаў яго прозвішча, імя і імя па бацьку супадае з імем колішняга супрацоўніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкаму.

Яго лічаць саўдзельнікам злачынстваў супраць правоў і свабод грамадзян Беларусі, датычным да затрымання, пераследу і збіцця ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

аз