Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускія праваабаронцы: Няма прыкмет зніжэння інтэнсіўнасці рэпрэсій

12.10.2026 11:57
Праваабаронцы заклікаюць ацэньваць сітуацыю не толькі паводле колькасці вызваленняў, але і з улікам спынення палітычна матываваных справаў і сістэмных зменаў.
Ілюстраціяpxhere.com/CC0 Public Domain

Вызваленне палітвязняў не азначае спынення рэпрэсій у Беларусі: улады працягваюць крымінальны пераслед, затрыманні і пашыраюць абмежаванні ў розных сферах жыцця. Пра гэта гаворыцца ў заяве Праваабарончай кааліцыі, якую апублікаваў Reform.news.

Паводле праваабаронцаў, са студзеня 2024 года, калі пачаліся масавыя вызваленні, фігурантамі крымінальных справаў сталі не менш за 3200 чалавек. За гэты час зафіксавалі прынамсі 28,5 тысячы затрыманняў, ператрусаў і іншых формаў пераследу. Колькасць людзей, якіх прызналі палітвязнямі або былымі палітвязнямі, вырасла да 4879, з іх 885 застаюцца за кратамі.

Кааліцыя адзначае, што рэпрэсіі становяцца менш відавочнымі: ціск закранае працу, адукацыю і культурнае жыццё, а ўлады абмяжоўваюць доступ да інфармацыі. Асобную заклапочанасць выклікае прымусовая высылка вызваленых палітвязняў.

Праваабаронцы заклікаюць ацэньваць сітуацыю не толькі паводле колькасці вызваленняў, але і з улікам спынення палітычна матываваных справаў і сістэмных зменаў.

Заяву падпісалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека, Прававая ініцыятыва, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Human Constanta, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Respect-Protect-Fulfill, Lawtrend, Праваабарончы цэнтр «Вясна».

эж