Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі НАТА бяспеку ў рэгіёне, мілітарызацыю Беларусі і пагрозы з яе тэрыторыі. Сустрэча адбылася падчас Варшаўскага форуму па бяспецы. Пра гэта паведамляе «Позірк».
У перамовах удзельнічалі прэзідэнт ПА НАТА Маркуш Перэштрэлу і генеральная сакратарка арганізацыі Бенедэта Берці. Бакі абмеркавалі ўзмацненне ціску на беларускі вайскова-прамысловы комплекс і прадпрыемствы, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны, а таксама пашырэнне супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і вызваленне палітвязняў.
Ціханоўская перадала Перэштрэлу даклад арганізацыі BelPol пра мілітарызацыю Беларусі. Яна таксама адзначыла зацікаўленасць у развіцці супрацы з ПА НАТА, перад якой раней ужо двойчы выступала.
Паводле Ціханоўскай, доўгатэрміновая бяспека рэгіёна патрабуе сістэмных дэмакратычных зменаў у Беларусі. Краіна, падкрэсліла яна, павінна перастаць быць крыніцай пагрозы для Украіны, суседніх дзяржаў і краін Паўночнаатлнатычнага альянсу.
Палітык заклікала працягваць санкцыі супраць беларускага ВПК, адначасова падкрэсліўшы неабходнасць адрозніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваць тых, хто выступае супраць вайны і зазнае рэпрэсіі.
эж