Конкурс «Вікі любіць славутасці» (Wiki Loves Monuments) будзе доўжыцца да канца кастрычніка на платформе Wikimedia Commons.
Аўтары пяці найлепшых фатаграфій атрымаюць электронныя падарункавыя сертыфікаты наміналам 200 рублёў для пакупак у інтэрнэт-крамах.
У межах сёлетняга конкурсу пакуль загружана ўжо больш за 1 170 файлаў, пры гэтым 32 з іх ужо прызнаныя якаснымі — толькі каля 0,3 % фотаздымкаў маюць падобную адзнаку.
Для ўдзелу ў кампаніі 2026 года створаны тэкставы рэестр абʼектаў на базе праекту рускага Wikivoyage. Спісы размеркаваныя па абласцях і раёнах. У іх уключаныя афіцыйныя помнікі архітэктуры і гістарычныя пабудовы, створаныя да 1990 года, якія часткова ўзятыя з краязнаўчага каталога «Глобус Беларусі». Для геаграфічнага пошуку працуе інтэрактыўная карта. Загружаць файлы неабходна строга праз індывідуальныя спасылкі абʼектаў з гэтай карты, каб выява аўтаматычна прывязвалася да ідэнтыфікатару помніка ў энцыклапедычнай базе.
Ад удзельнікаў патрабуецца загружаць файлы памерам не менш за 2 мегапікселі пад свабоднай ліцэнзіяй, пазбягаючы дублявання аднатыпных ракурсаў. Асобны блок правіл рэгулюе лічбавую апрацоўку. Для тэхнічных фатаграфій, якія фіксуюць стан помнікаў, дапускаецца толькі мінімальнае ўмяшанне. Мастацкая апрацоўка дазволеная, але патрабуе абавязковага ўдакладнення ў апісанні файла, а ў ідэале — паралельнай загрузкі зыходнага здымка. Любое выкарыстанне сродкаў штучнага інтэлекту для генерацыі або паляпшэння дэталяў павінна быць строга задэкларавана. Вадзяныя знакі і аўтарскія подпісы на выявах забароненыя.
Крыніца: Спадчына/юл