Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лукашэнка заявіў пра знясіленне Расіі з-за агрэсіі супраць Украіны

16.10.2026 14:44
Паводле слоў палітыка, завяршэнне вайны неабходна, і ў гэтым зацікаўленыя як Украіна, так нібыта і Расія, паколькі вайна прыводзіць да негатыўных наступстваў для абедзвюх краін.
Аляксандр ЛукашэнкаSPUTNIK POOL/PAP/EPA

Мір ва Украіне будзе дасягнуты, калі не ў гэтым, то ў наступным годзе — з такімі прагнозамі выступіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 16 кастрычніка Віцебскую вобласць.

— Так, Расія больш магутная, мацнейшая, яна яшчэ можа доўга ваяваць, — сказаў Лукашэнка. — Але ўсё роўна знясіленне вельмі моцнае, уплыў на эканоміку велізарны, вы гэта таксама бачыце. Каму гэта прыемна і трэба? Расіяне гэта разумеюць, яны гатовыя да міру. Украінцам, калі яны не пойдуць на мірнае ўрэгуляванне ў гэтым годзе, у наступным будзе яшчэ складаней, а потым і немагчыма будзе.

Розныя фактары, паводле яго слоў, «ціснуць і на Расію, і на Украіну».

—Але адназначна гэтыя фактары падштурхоўваюць да міру і Украіну, і Расію ў сілу немагчымасці далей весці такія ваенныя дзеянні, — заявіў Лукашэнка.

Мір, адзначыў ён, неабходны таксама «з гуманітарных, чалавечых меркаванняў».

— Мы за гэта і ў гэтых адносінах будзем рабіць усё. Любыя войны мірам сканчаюцца. Таму лепш раней, чым пазней», — сказаў палітык, не згадаўшы аб сваёй дапаможнай ролі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Раней ён неаднаразова заяўляў пра неабходнасць міру ва Украіне, даючы зразумець, што гэта павінен быць мір на расійскіх умовах. Паводле звестак журналістаў-расследвальнікаў, апошнім часам беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю прадукцыі на карысць расійскага ВПК.

Крыніца: «Позірк. Навіны пра Беларусь»/юл