Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве цэлюлознага завода ў Наваполацку, засакрэціўшы шэсць яго пунктаў. Прадпрыемства магутнасцю 800 тысяч тон прадукцыі штогод плануюць размясціць на тэрыторыі былога завода бялкова-вітамінных канцэнтратаў.
Як паведамляе «Белсат», дакумент падпісаны 14 кастрычніка і апублікаваны 17-га. Адкрытымі засталіся толькі палажэнні аб скасаванні папярэдніх указаў і неадкладным набыцці моцы новым дакументам. Прычыны сакрэтнасці невядомыя.
У 2012 годзе завод перадалі кампаніі «Інтэрсэрвіс», якая належала набліжанаму да Лукашэнкі бізнесоўцу Мікалаю Вараб'ю, што знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі.
Напярэдадні публікацыі ўказа Лукашэнка паабяцаў Вараб'ю новыя землі і датацыі для жывёлагадоўчага комплексу. Аднак пацверджання сувязі гэтых абяцанняў з новым праектам няма.
эж