Урад Беларусі ўвёў забарону на ўвоз з Латвіі тавараў па 38 пазіцыях. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 526 прынятая «у мэтах забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў» у адказ на «недружалюбныя дзеянні» Рыгі.
Пад абмежаванні трапіў шырокі пералік прадукцыі: рыбныя кансервы і вітаміны, кнігі, газеты, мэбля, рамы для карцін і люстэркаў, вудачкі, прылады для рыбалкі і палявання, ваўняныя пледы, а таксама маршрутызатары, антэны, разеткі, рухавікі, падшыпнікі і запчасткі для аўтамабіляў ды сельгастэхнікі. Раней падобны забаронны спіс беларускія ўлады ўжо ўвялі для тавараў з Літвы.
Новыя абмежаванні прынятыя на фоне чарговага абвастрэння на мяжы. На пачатку кастрычніка Латвія заявіла пра правакацыю з боку беларускіх службаў, у ходзе якой былі пашкоджаныя кабелі і выкрадзеныя дзве памежныя відэакамеры. Аляксандр Лукашэнка гэтыя абвінавачванні адпрэчыў.
Крыніца: Позірк. Навіны пра Беларусь/юл