Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Клан Лукашэнкі атрымаў долю ў беларускім Wildberries

20.10.2026 12:53
З 10% ўдзелаў у беларускім Wildberries, набліжаны да сям'і дыктатара бізнесовец акумуляваў летась чвэрць прыбытку рытэйлера.
Аўдыё

Расследавальнікі парталу «Бюро» выявілі дзелавыя і асабістыя повязі кампаніі з атачэннем сям’і Лукашэнкі.

Расійскі Wildberries — самая папулярная гандлёвая інтэрнэт-пляцоўка ў Беларусі. Згодна са звесткамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), яе паслугамі карыстаецца больш за 85% апытаных жыхароў краіны. З 2022 года Wildberries у Беларусі валодае фірма «ІМВБРБ», якую стварыла расійская галаўная кампанія маркетплэйса — «Вайлдберыз», адзінай уладальніцай якой з’яўляецца Таццяна Кім.

Wildberries — гэта не толькі самы папулярны, але і самы буйны маркетплэйс у Беларусі, піша «Бюро». У 2025 годзе выручка «ІМВБРБ» перавысіла 9 мільярдаў беларускіх рублёў (2,6 мільярда еўра). Чысты прыбытак за 2025 год — 295 мільёнаў беларускіх рублёў (85,3 мільёна еўра).

Для параўнання: выручка самай буйной беларускай інтэрнэт-крамы 21vek.by за мінулы год перавысіла 1,6 мільярда беларускіх рублёў (460 мільёнаў еўра), а чысты прыбытак — 38 мільёнаў беларускіх рублёў (амаль 11 мільёнаў еўра).

У лютым 2025 года Аляксандр Лукашэнка арганізаваў сустрэчу з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу, а праз два тыдні пасля нарады беларускі Wildberries займеў новага акцыянера — ЗАТ «ТД Квадрат», якое атрымала 10% у беларускім Wildberries. «Бюро» вывучыла фінансавыя паказчыкі «ТД Квадрат» і выявіла, што з’яўляючыся ўласнікам адносна невялікай долі ў Wildberries, фірма акумулявала амаль чвэрць (24%) усяго прыбытку рытэйлера.

Пры гэтым, з фінансавых справаздач за мінулы год вынікае, што кампанія існавала фактычна «на паперы» — ніякай рэальнай аперацыйнай або вытворчай дзейнасці не вяла. Вялізныя фінансавыя паступленні забяспечыў адзін-адзінюткі фактар — статус саўладальніка, перакананыя журналісты.

Справа ў тым, што ўладальнікам «ТД Квадрат» з'яўляецца бізнесовец Дзмітрый Курносенка. «Бюро» знайшло сувязі Курносенкі з атачэннем сям’і Лукашэнкі, у тым ліку праз сумесны бізнес з жонкай сярэдняга сына кіраўніка Беларусі Дзмітрыя Лукашэнкі Ганнай ды колішнім асабістым кіроўцам Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Куракевіча.

Крыніца: «Бюро»/юл