Прах Яна Памедора Рэўцкага (сапраўднае імя Сяргей Пархаць), беларускага журналіста і заснавальніка папулярнай суполкі «Беларусы ў Варшаве», будзе пахаваны ў Беларусі.
Рэўцкі раптоўна памёр у Варшаве ва ўзросце 50 гадоў. Паходзіў з Брэста. У Польшчы ён жыў з 2012 года. У гэтым годзе перазапусціў у Варшаве кафэ Temperatura.
«Памедор быў чалавекам, душа якога адбівалася ва ўсіх яго справах. Будзь то кава, якую ён варыў для нас, або ўсмешка, якой ён адорваў усіх, з кім размаўляў. Сціплы і спакойны чалавек, ён рабіў нашу беларускую эмігранцкую рэальнасць святлей і ярчэй. Годна развітацца з гэтым чалавекам важна для ўсіх нас: сяброў, знаёмых і незнаёмых. На чужыне асабліва востра адчуваеш сыход кожнага з нашых, таму давайце годна развітаемся з ім», — пішуць арганізатары збору.
Далучыцца да збору можна праз BLIK фонду BelAid па нумары +48453272121 ці на платформе Zrzutka па спасылцы.
Пра смерць Яна «Памедора» Рэўцкага стала вядома 20 кастрычніка.
яс