Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

На беларускай мяжы Украіна і Расія абмянялі па 270 ваеннапалонных 

23.10.2026 13:33
Асобна адбылося ўзаемнае вяртанне цывільных: ва Украіну і Расію накіраваліся па сем чалавек.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneFoto: spring96.org

Украіна і Расія 23 кастрычніка правялі абмен ваеннапалоннымі ў пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскай вобласці. Кожны бок перадаў па 270 чалавек. Самалёты прынялі ў аэрапорце Гомеля, адкуль удзельнікаў абмену аўтобусамі даставілі да мяжы.

Асобна адбылося ўзаемнае вяртанне цывільных: ва Украіну і Расію накіраваліся па сем чалавек. У працэсе ўдзельнічалі ўпаўнаважаныя па правах чалавека абедзвюх краін.

Паводле ўпаўнаважанага  Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітрыя Лубінца, дадому вярнуліся 90-гадовая жанчына з абмежаванай рухомасцю і 50-гадовая ўкраінка, якая перанесла інфаркт і інсульт. Таксама з сям’ёй змаглі ўз’яднацца жанчына з дзіцем: пачатак поўнамаштабнага расійскага ўварвання застаў іх у Марыупалі, а баявыя дзеянні перашкодзілі выехаць да родных.

Папярэдняе ўзаемнае вяртанне цывільных адбылося 17 верасня. Тады ва Украіну вярнуліся 15 чалавек, у Расію — трое.

svaboda.org/эж